Рэха свята. Па маршрутах народнага гуляння
Пасля завяршэння афіцыйных ўрачыстасцяў, прысвечаных Дню Незалежнасці ў Мар’інай Горцы, людское мора з вуліцы Ленінскай пацякло па вуліцы Савецкай, дзе размясцілі свае выставы і падвор’і прадпрыемствы і арганізацыі раёна, а затым накіравалася ў гарадскі парк імя Любы Гайдучонак, куды арганізатары свята запрасілі ўсіх на народнае гулянне.
Ішлі сем’ямі. Парк хутка напоўніўся звонкімі дзіцячымі галасамі. Тут для дзяцей быў вялікі выбар, чым заняцца: для самых маленькіх — арэлі, горкі. У “акружэнні” апынулася пляцоўка, арганізаваная супрацоўнікамі раённага ад-дзела па надзвычайных сітуацыях: хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем узбіраліся ў кабіны пажарных машын, прымяралі амуніцыю. Не скарачалася чарга каля палаткі, запоўненай дымам. Кожнаму хацелася адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам: са спецыяльным дыхальным апаратам увайсці ў палатку, знайсці ў непраглядным дыме і выцягнуць на паветра “пацярпелага”, якім лічылася схаваная лялька.
Не толькі дзеці, але і дарослыя спрабавалі справіцца з брандзпойтам і збіць струмянём вады пакладзены на стойку мячык.
Патрымаць у руках сапраўдную ваенную зброю на выставе, якую арганізавалі вай-скоўцы, трапіць дроцікам у мішэнь, пакатацца на поні, размалявацца аквагрымам… — кожны мог знайсці для сябе штосьці цікавае.
Асаблівым попытам у гэты спякотны дзень карысталіся ахаладжальныя напоі, марожанае. Актыўным быў і гандаль кулінарнымі вырабамі, шашлыкамі, салодкай ватай і яшчэ шмат чым смачным.
Не заставаліся без чэргаў і рады, дзе прапанавалі сувеніры, розныя рэчы, зробленыя майстрамі-рамеснікамі, цацкі, упрыгожанні…
А калі пачалася канцэртная праграма “Мой дом — Беларусь”, ля сцэны размясцілася шмат людзей, каб паслухаць выступленні творчых калектываў раёна і таленавітых салістаў.
Паток адпачываючых доўга не змяншаўся. Жыхары горада не спяшаліся пакідаць парк.
Завяршылася свята на плошчы ля раённага цэнтра культуры акцыяй “Спяваем гімн разам” і святочным салютам.
Андрэй МАЗАНІК