Важное Школа падарыла сяброўства на ўсё жыццё 05.02.2020 358 Redactor Комментариев нет Валянціна Крукава, Міхаіл Аляксейчык, Барыс Нікалайчык. Пачатак сяброўству паміж Міхаілам Аляксейчыкам і Барысам Нікалайчыкам паклала школа. Яны некалі разам упершыню селі за парту. Разам у шостым класе змянілі школу: перайшлі з Мар’інагорскай СШ № 3 у СШ № 2. У 1965 годзе скончылі дзесяць класаў, і кожны пайшоў сваім шляхам. Але школьнае сяброўства не закончылася, як аказалася — яно на ўсё жыццё. Як і ўрокі, якія яны засвоілі ў школьных сценах. Яны выканалі наказ стаць сапраўднымі людзьмі. Кожны дасягнуў сваёй вяршыні ў прафесійным плане, і сёння іх імёны называюць сярод ганаровых выпускнікоў сярэдняй школы №2 горада Мар’іна Горка. Міхаіл Васільевіч стаў дыпламатам, Барыс Аляксандравіч у свой час узначальваў Транспартную інспекцыю Рэспублікі Беларусь. Сёння яны павінны быць на заслужаным адпачынку, але не адпачываюць. Барыс Аляксандравіч выкладае правілы дарожнага руху ў аўташколе раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і карыстаецца вялікай павагай сярод калег і навучэнцаў. Мабыць, цяжка знайсці ў раёне вадзіцеля, які б яго не ведаў. Міхаіл Васільевіч на працягу некалькіх гадоў займаўся будаўніцтвам храма-капліцы ў гонар Святой мучаніцы Таццяны ў пасёлку Мар’іна. Разам яны на Каляды арганізоўваюць сяброў, суседзяў, знаёмых і збіраюць цукеркі, а пасля перадаюць іх у кафедральны сабор Святога дабравернага князя Аляксандра Неў-скага для дзяцей і дарослых, якім неабходна падтрымка. Адным словам, кожны з іх можа чытаць сённяшнім вучням лекцыі ў межах праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. І Міхаіл Васільевіч, і Барыс Аляксандравіч родную школу ніколі не забывалі. У школьным музеі ёсць не толькі іх фотаздымкі, але і іншыя экспанаты, якія яны туды перадалі. Не губляюць яны сувязь і са сваёй настаўніцай Людмілай Рыгораўнай Андрук, узрост якой, дарэчы, набліжаецца да векавога. Вось і на вечары сустрэчы з выпускнікамі, дзе яны разам з Валянцінай Крукавай прадстаўлялі самы старэйшы выпуск, перадалі ўсім былым вучням Людмілы Рыгораўны прывітанне ад любімай настаўніцы. Пяцьдзясят пяць гадоў — сур’ёзны адрэзак часу. Але Міхаіл Васільевіч і Барыс Аляксандравіч — аптымісты: яны паабяцалі, што прыйдуць і на 70-гадовы юбілей свайго выпуску. Наталля ПАРХОМЧЫК.