Што будзе вырошчвацца на палях нашага раёна ў гэтым годзе?

Зіма перасягнула свой экватар. І хаця на календары люты, не за гарамі вясна, час напружанай працы ў полі для аграрыяў. Што будзе вырошчвацца на палях нашага раёна? Акрамя збожжавых і рапсу, гэта будуць цукровыя буракі.

Гэта культура ўваходзіць у лік тых, што згодна з Указам № 443 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі «Аб страхаванні ўраджаю сельскагаспадарчых культур,  жывёлы  і  птушкі» належаць  абавязковаму страхаванню з дзяржаўнай падтрымкай. Дакумент накіраваны на забеспячэнне страхавой абароны вытворцаў сельгаспрадукцыі.

Як адзначыла начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлана Карзанава, мінулы год быў добрым для вырошчвання цукровых буракоў: на палях раёна іх атрымалі 58 тысяч 575 тон, што значна больш, чым  годам раней. Вядома, для гэтага была  праведзена вялікая работа: унесены ўдабрэнні, пасеяны буракі ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, праведзены ўсе неабходныя апрацоўкі.

У мінулым годзе цукровыя буракі вырошчвала пяць сельскагаспадарчых арганізацый, і ўсе  рэалізавалі іх на ААТ “Слуцкі цукрарафінадны камбінат” у лік дзяржаказу 15 тысяч тон і  па прамых дагаворах.

У гэтым годзе цукровыя буракі зоймуць 1330 гектараў. Больш за ўсё — 300 гектараў — у ЭБ «Зазер’е». Дарэчы, летась тут атрымалі самую вялікую ўраджайнасць: 519 цэнтнераў з гектара. У ААТ «Агра-Абярэг» салодкія караняплоды будуць вырошчваць на 230 гектарах, у СПФ «Дрычын» і ПСУ «Рудзенскае» — на 100 гектараў у кожнай гаспадарцы. Спецыялізуецца на вырошчванні цукровых буракоў сялянска-фермерская гаспадарка «Высокая старына», дзе пад іх у гэтым годзе  плануюць адвесці  500 гектараў.

Дырэктар ЭБ «Зазер’е» Аляксандр Турбан з ураджаем цукровых буракоў 2023 года.

Кожная культура любіць догляд і клопат. Каб атрымаць добры ўраджай сёлета, яшчэ з восені палі пад цукровыя буракі зааралі і ўнеслі неабходны комплекс удабрэнняў. Ужо адпраўлены заяўкі на Слуцкі цукрарафінадны камбінат на набыццё насення і сродкаў аховы раслін. Сяўбу і догляд салодкіх караняплодаў у сельгасарганізацыях будуць ажыццяўляць сваімі сіламі, а ўборку — з дапамогай прыватных арганізацый. У некаторых з іх (ААТ «Агра-Абярэг» і  СФГ «Высокая старына») ёсць свая буракаўборачная тэхніка.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *