Сёння ў Беларусі святкуюць Дзень работнікаў культуры

Культура — аснова выхавання. 

Так лічыць дырэктар Блонскага сельскага Дома культуры Анжаліка Секава. 

Анжаліка Секава.

Пачынаючы з 1998 года, кожную другую нядзелю кастрычніка ў Беларусі святкуюць Дзень работнікаў культуры. Па розных дадзеных у нашай краіне больш за 65 тысяч грамадзян з’яўляюцца прадстаўнікамі творчых прафесій. Пра тое, як сёння жывуць і працуюць работнікі гэтай сферы, раскажа дырэктар Блонскага сельскага Дома культуры Анжаліка Секава.

Сельскі ДК —  гэта цэнтр грамадскага і культурнага жыцця вясковых людзей. Так было ўчора, так застаецца і цяпер. Хаця сёння дзейнасць ДК  хутчэй  за-снавана на энтузіязме яго работнікаў, якія імкнуцца аб’яднаць і зацікавіць людзей.

—  На базе нашай установы     працуе  адзінаццаць  фарміраванняў,  — гаворыць  Анжаліка Сцяпанаўна. — Гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чароўная майстэрня”, спартыўна-аздараўленчы клуб “Мацуйся”, гурток эстраднага вакалу “Матыў”, гурток эстрадных спеваў для дарослых, народны ансамбль “Асалода”, дзіцячы клуб  “Joy time”, народны фальклорны ансамбль “Зарачанка”, дзіцячы фальклорны калектыў “Зараначка”, танцавальны гурток “Emotion”, падлеткавы клуб  “Bullet Journal”.

Мы ставім сваёй мэтай захоўваць і развіваць народныя традыцыі. Галоўным захавальнікам нацыянальнай культуры  ў  нашай  установе,  безумоўна, з’яўляецца народны ансамбль “Зарачанка”, якому ў гэтым годзе спаўняецца сорак гадоў. Заснаваны калектыў у 1982 годзе, а праз 11 гадоў яму было прысвоена званне “народны”. Сёння калектывам кіруе малады спецыяліст Алена Русакевіч. Візітная картка “Зарачанкі” — гэта вясновыя карагоды і звонкія закліканні з працяглымі воклічамі, а таксама траецкія, вясновыя, жартоўныя песні і вясковыя танцы. Калектыў добра дапамагае пры арганізацыі народных святаў. Да прыкладу, на апошнім купальскім вечары ў Мар’інай Горцы ансамбль адказваў за правядзенне абрадавай і танцавальнай  праграмы,  дзе госці    мера-прыемства плялі вянкі, вадзілі карагоды і шукалі папараць-кветку.

З нядаўніх часоў калектыў праводзіць майстар-класы па народна-побытавых танцах, якія выконваюцца пад жывую музыку і спевы “Зарачанкі”, акунаючы такім  чынам удзельнікаў мерапрыемстваў у атмасферу  даўніны  і  самабытнай культуры Беларусі.

Вядома, галоўнай задачай  для нашай установы з’яўляецца і праца з падрастаючым пакаленнем. Я ўпэўнена ў тым, што культура — гэта аснова выхавання. Таму ў сваёй працы мы заўсёды стараемся распрацоўваць культурна-забаўляльныя праграмы зыходзячы з інтарэсаў дзяцей. Так, перад будынкам нашага ДК на асфальтавай пляцоўцы з вясны па восень і ў дождж, і ў віхуру можна ўбачыць мясцовую дзятву, якая гуляе ў “квадрат”. Гэта гульня з мячом для чатырох гульцоў, для якой патрэбна роўная пляцоўка і няхітрая схема, часцей за ўсё намаляваная крэйдай. Зразумеўшы, што дзецям гэта цікава, наш мастацкі кіраўнік Юлія Кудзіна прапанавала правесці турнір па вулічным “квадраце”. Вынік быў нечаканым нават для нас як арганізатараў. Нам удалося сабраць вялікую колькасць дзяцей і падлеткаў, якія з велізарным задавальненнем спаборнічалі адзін з адным і былі па-сапраўднаму зацікаўлены не столькі ў перамозе, колькі ва ўдзеле.

Дзецям патрэбны рух. Гэты ўрок я выдатна засвоіла,  калі працавала ў школе  педагогам-арганізатарам. Таму ўсе мерапрыемствы мы стараемся рабіць максімальна рухомымі. Напрыклад, рэгулярна  праводзім  квэст-пра-грамы. Адна з самых паспяховых  — “Падарожжа ў краіну Неверлэнд” — квэст-праграма па матывах фільма пра Пітэра Пэна. Мерапрыемства пачалося з  пра-гляду мультфільма “Пітэр Пэн”. Затым у памяшканні з’явіліся казачныя героі, якія прапанавалі дзецям адправіцца ў краіну Неверлэнд, дзе трэба было адолець піратаў, каб выратаваць прынцэсу.

Нават работу па прафарыентацыі мы праводзім у гульняв

ой форме. Так, нядаўна мы арганізавалі фестываль “Планета прафесій”, на якім дзеці знаёміліся з рознымі прафесіямі, выконваючы заданні.

Складаней нам даецца прафілактыка  алкагалізму,  тытунекурэння і наркаманіі. Тут патрэбны сур’ёзны падыход, бо як толькі мы пачынаем прафілактычную гутарку,  напрыклад, з групай падлеткаў, то адразу сутыкаемся з адсутнасцю цікавасці  да  дадзеных тэм. У хуткім часе мы абавязкова  распрацуем  эфектыўныя метады па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

У сельскім Доме культуры працаваць сёння не так проста, як можа здацца на першы погляд. Спраў тут хапае заўсёды, і не толькі па арганізацыі  актыўнасцей. Наш будынак быў пабудаваны яшчэ ў 1973 годзе і ў сувязі з узростам заўсёды патрабуе да сябе ўвагі і ўмелых рук. Калектыў у нас дружны, і мы стараемся спраўляцца з усімі праблемамі разам. Выдатным прыкладам адданасці сваёй справе і прафесіі з’яўляецца хормайстар Дзмітрый Бяляўскі, які разам са сваім бацькам правёў асноўныя рамонтныя работы ў актавай зале, што дазволіла нам у поўнай меры выкарыстоўваць галоўнае памяшканне нашага Дома культуры.

Станіслаў  БЕЛАВУСАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *