У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” пачала працаваць свая сталовая

Кожны дзень вясна нас здзіўляе цёплым надвор’ем, а для працаўнікоў сельскай гаспадаркі дае магчымасць хутчэй завяршыць работы ў полі. Людзі не лічацца з часам, працуюць увесь светлавы дзень. У гаспадарках створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы. Важную ролю адыгрывае харчаванне занятых на веснавой сяўбе работнікаў.

Работнікі сталовай ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» Ірына Кульчынская і Таццяна Захарэвіч.

Гарачыя стравы дастаўляюцца прама ў поле. У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” некалі працавала свая сталовая. Потым яна была зачынена і шмат гадоў пуставала.

Як расказаў дырэктар ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” Сяргей Дрозд, абеды сваім работнікам даводзілася заказваць у кафэ. Палічылі, што гэта нявыгадна і вырашылі аднавіць работу сваёй сталовай. Адрамантавалі памяшканне, закупілі неабходнае абсталяванне: канвекцыйную печ, халадзільнікі, бульбачыстку, мясасечку, посуд. Прадукты закупляюць напрамую ў пастаўшчыкоў. Напрыклад, малочныя — на Слуцкім сыраробным камбінаце, крупы — на Мінскім КХП.

Гатаваць у сябе не толькі выгадна, але і смачна. Тым больш, што вараць абеды два вопытныя кухары — Ірына Кульчынская і Таццяна Захарэвіч. Таццяна Раманаўна ўсё жыццё корміць людзей. Працавала ў рэстаранах “Версаль”, “Хельсінкі”, шмат гадоў у сталовай на камбінаце хлебапрадуктаў.

— Сёння мы прыгатавалі 24 абеды, — кажа Таццяна Захарэвіч. — Работы ў полі будзе ўсё больш, таму і колькасць абедаў павялічыцца. У мінулым годзе падчас жніва абедалі больш за 40 чалавек. З сённяшняга дня пачнём карміць і работнікаў ААТ “Індустрыя-СГ”. Не адмовім і іншым сельгаспрадпрыемствам, якія пажадаюць заказваць у нас гарачыя абеды.

Абед у поле- для працаўнікоў ААТ «Індустрыя-СГ».

Акрамя абедаў, у сваёй сталовай гатуюць смачную выпечку і пякуць хлеб. За абед работнік райаграсэрвіса плаціць толькі 10 працэнтаў ад кошту.

Па словах старшыні раённай арганізацыі прафсаюза працаўнікоў АПК Таццяны Стамброўскай, ва ўсіх сельгасарганізацыях аграпрамысловага комплексу кормяць сваіх працаўнікоў гарачымі абедамі. У некаторых гаспадарках ужо арганізавана двухразовае харчаванне. Свае сталовыя ў ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Агра-Абярэг”, “Голацк”, “Новы Бор”, “Вецярэвічы”.

У перыяд веснавых палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, жніва, восеньскай сяўбы прафсаюзы нястомна сочаць за якасцю харчавання, і тым, якія створаны ўмовы для паспяховай працы: ці ёсць душавыя кабіны, пакой адпачынку, ці забяспечаны людзі спецадзеннем. Ад гэтага таксама залежыць паспяховы вынік, як і ад смачнага абеду. Але абед — гэта абед: як накорміш, так і папрацуе чалавек.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *