Благоустройство Главное На суботніку працавалі дружна 03.04.2018 1083 Redactor Комментариев нет У мінулую суботу адбыўся першы ў гэтым годзе раённы суботнік. Ён стаў досыць маштабным, нягледзячы на халаднаватае і вільготнае надвор’е. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец, група дэпутатаў раённага Савета на чале з яго старшынёй Аляксандрам Прановічам у дзень суботніка выехалі ў Сінчанскае лясніцтва, каб прыняць удзел у пасадцы новага лесу. Далучыліся да гэтай справы намеснікі старшыні райвыканкама Аляксандр Ласевіч, Аляксандр Валадзько, дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Кончанка і Юрый Лагунчык, пракурор раёна Віталій Галубовіч, старшыня суда раёна Сяргей Васілеўскі, начальнік РАУС Павел Кастрыцкі і іншыя. Ля вёскі Любячка на месцы, дзе ў мінулым годзе быў высечаны сасновы лес, яны правялі пасадку саджанцаў бярозы і сасны. Прыбіраць горад і населеныя пункты раёна выйшлі прадстаўнікі большасці прадпрыемстваў і арганізацый. Працоўныя дэсанты можна было ўбачыць на вуліцах горада, у парках і на тэрыторыях, якія прылягаюць да жылых будынкаў. Усе разам мы ўносілі свой уклад у навядзенне парадку ў нашым агульным доме і дапамагалі работнікам камунальнага прадпрыемства, якія, зразумела, за адзін раз не ў сілах ахапіць усе тэрыторыі. — Калектыў УП “Жылцепласэрвіс” КГ не чакаў суботніка, каб пачаць прыводзіць горад у парадак, — гаворыць намеснік дырэктара прадпрыемства Ірына Зянько. — У працоўным дэсанце ўжо прынялі ўдзел практычна ўсе нашы работнікі. Мы прыбіралі вуліцы горада і пасёлкаў, прыдамавыя тэрыторыі (нават тыя, што не знаходзяцца на балансе прад-прыемства, але стан якіх не хвалюе гараджан), тэрыторыі ля ракі Цітаўка, паркі і скверы. У суботу таксама працавалі масава. Усе, хто не быў заняты на вытворчасці, шчыравалі на добраўпарадкаванні. У сельскіх населеных пунктах наводзілі парадак на могілках, на воінскіх пахаваннях. У горадзе найбольшы аб’ём работ быў праведзены па ўборцы вуліц Калініна, Кастрычніцкая, Пятра Гучка, Камунальная. Работнікі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі працавалі на сваіх аб’ектах, чысцілі меліярацыйныя каналы ў гарадской мяжы. А вось супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” у дзень суботніка разабралі стары будынак у вёсцы Сінча, які не выкарыстоўваўся. Ён належаў ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”. Прадпрыемства выдзеліла пагрузчык і грузавую аўтамашыну. Працаўнікі лясгаса наводзілі парадак на могілках у вёсках Скобраўка, Пухавічы, Блужа, прыбіралі прыбярэжную зону Цітаўкі. Калектыў Мар’інагорскага завода жалезабетонных вырабаў таксама працаваў на беразе ракі. Дарожнікі правялі ямачны рамонт на дарогах. Вясновых работ, сапраўды, заўсёды шмат, таму камунальнікам складана ў самыя кароткія тэрміны ўсюды навесці чысціню, і яны ўдзячны ўсім, хто не застаецца ў баку і дапамагае зрабіць нашы населеныя пункты больш чыстымі. Усе, хто выйшаў на суботнік, адзначаюць у раённым выканаўчым камітэце, папрацавалі старанна. Аднак нельга сказаць, што неабходны аб’ём работ выкананы поўнасцю. З наступленнем цёплых вясновых дзён кожны гаспадар павінен прывесці ў парадак свой двор, участак вуліцы. Нагадваем, што ў Мінскай вобласці праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Алена ІВАНОВА, Андрэй МАЗАНІК.