У Пухавіцкім раёне займаюцца праверкай якасці насеннага фонду

Наталля Булыга.

Адным з важнейшых этапаў падрыхтоўкі да сяўбы зяўляецца праверка якасці насеннага фонду. Сельгасарганізацыі могуць сеяць толькі тое насенне, якое мае пасведчанне аб  якасці. Такі дакумент можна атрымаць у інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Праверкай насеннага матэрыялу спецыялісты інспекцыі займаюцца круглы год. У гэты час актуальная работа па  праверцы насення яравых збожжавых культур і шматгадовых траў.

— Усяго пад яравую сяўбу засыпана 4853 тоны насення. На дадзены момант праверана 4721 тона. Праверанае насенне цалкам адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, — гаворыць начальнік інспекцыі Наталля Булыга. — Яшчэ 132 тоны застаецца на дапрацоўцы ў гаспадарках.  Насеннем яравых культур сельгасарганізацыі раёна забяспечаны на 109 працэнтаў.

З  яго —  вышэйшых  і  элітных  рэпрадукцый  засыпана 16 працэнтаў, першай рэпрадукцыі — 71 працэнт. Астатнія 13 працэнтаў складаюць зернебабовыя культуры.

Дапрацоўку насення  для аднагадовай групы (у асноўным,  проса, гарчыца, рэдзька маслічная) вядуць адкрытыя акцыянерныя таварыствы  “Аграсімвал”, “Шацк”, “Суцінскі”,“Пухавіцкі райаграсэрвіс”, “Племянны завод “Індустрыя”, ПСУ “Рудзенскае”, сельгасфіліял “Дрычын”. ЭБ “Зазер’е” вядзе дапрацоўку насення яравых збожжавых культур для рэалізацыі. Астатнія гаспадаркі гэтыя работы завяршылі.

Сярод яравых збожавых на нашых палях найбольшую папулярнасць атрымаў ячмень. Гэта культура прадстаўлена гатункамі “якуб”, “бацька”, “ладны”, “добры”, “зубр”. Насенне яравой пшаніцы прадстаўлена  гатункамі “бамбона”, “сударыня”, “дар’я”, “васіліса”, “ласка”, авёс — гатункамі “запавет”,“факс”, “золак”, “лідзія”, яравое трыцікале —“дуплет” і “узор”.

— Таксама цяпер займаемся  аналізам  шматгадовых траў. Праверана 100 тон з 185 засыпаных.  На ачыстцы ў другіх арганізацыях вобласці застаецца насенне ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”, “Племянны  завод “Індустрыя”, сельгасфіліяла “Дрычын”.  Астатнія гаспадаркі ўжо здалі ўзоры насення ў інспекцыю, — працягвае Наталля Булыга. — Нашы  вядучыя  аграномы-аналітыкі Таццяна Кепець  і Антаніна Сіпач  ацэньваюць узоры па шэрагу паказчыкаў,  сярод  якіх  чысціня  насення, вільготнасць, усходжасць, заражанасць хваробамі  і  шкоднікамі.

Пасля спецыялісты будуць займацца аналізам насення  кукурузы. Іх  работа — першая прыступка ў  атрыманні  высокага  ўраджаю.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *