У сельскагаспадарчых арганізацыях прыступаюць да сяўбы люцэрны

У сельскагаспадарчых арганізацыях прыступаюць да сяўбы люцэрны — кармавой культуры, якая змяшчае ў сабе ўсе каштоўныя рэчывы, патрэбныя для таго, каб атрымаць ад кароў вялікую колькасць малака.

 Люцэрна займае адмысловае месца ў кліне шматгадовай травы. У сельгасарганізацыях раёна сёлета яе плануюць пасеяць на плошчы 660 гектараў  для атрымання збалансаваных кармоў.

З мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі гаспадаркам, дзяржавай другі год выдзяляецца субсідыя для набыцця насення гэтай бялковай культуры. Па словах начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святланы Карзанавай, ужо закуплена 7,2 тоны насення расійскага гатунку і амаль па адной тоне насення італьянскага гатунку “эзеліна” і нямецкага гатунку “плато”.

У ПСУ “Рудзенскае” да сяўбы люцэрны ўжо прыступілі. 60 гектараў засеялі насеннем, якое закупілі самастойна. Займаўся гэтай работай Андрэй Санько. Ён жа будзе сеяць і астатнія 50 гектараў  насеннем, закупленым па дзяржаўнай праграме.

Як адзначыў галоўны аграном ПСУ “Рудзенскае” Ягор Вашкевіч, люцэрна — культура вельмі пажыўная. У яе магутная каранёвая сістэма, дзякуючы якой нават пры такім засушлівым надвор’і,  якое было, на-прыклад, летась, дае нядрэнны ўраджай.

— Для люцэрны мы вылучаем самыя лепшыя палі, — кажа галоўны аграном. — За сезон у залежнасці ад надвор’я яна можа даваць 3-4 укосы. Летась, напрыклад, атрымалі два ўкосы. Люцэрна — культура шматгадовая: можа даваць ураджай да 7 гадоў. Сеем яе пад аднагадовыя культуры: авёс з пялюшкай.

Люцэрна лічыцца “каралевай” кармавых культур, дзякуючы  выдатным якасцям як самой расліны, так і атрыманых з яе кармоў. Каштоўныя кармы выкарыстоўваюць для выпасу жывёлы або нарыхтоўваюць у выглядзе зялёнай масы, сена, сіласу і сенажу. Люцэрна карысная для жывёлы, паколькі змяшчае шмат сырога пратэіну,  каштоўных амінакіслот, дзякуючы чаму спрыяе інтэнсіўнаму росту маладняку, павышэнню імунітэту і рэпрадуктыўнай функцыі жывёлы.

Першы ўраджай гэтай кармавой культуры ў ПСУ “Рудзенскае” плануюць атрымаць ужо ў чэрвені-ліпені.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *