У зімовыя месяцы ў сельскагаспадарчых арганізацыях рыхтуюць насенне да вясенняй пасяўной

— Пад ураджай 2024 года патрэбнасць у насенні яравых збожжавых і зернебабовых культур складае 2,5 тысячы тон са страхавым фондам, — паведаміла начальнік Пухавіцкай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Наталля Булыга. — У гаспадарках нашага раёна засыпана 3180 тон насення, што складае 127 працэнтаў. Гэта насенне эліты і першай рэпрадукцыі. Насенне траў пад поўную патрэбнасць складае 130 тон, але будзе засыпана 150 тон. Яшчэ трэба закупіць 10 тон насення люцэрны.

Вядучы аграном Алена Міхаленя.

Да 1 студзеня неабходна пачысціць усё насенне яравых культур. У ААТ «Голацк» 233 тоны насення разам са страхавым фондам ужо пачышчаны. Насенне яравых збожжавых і шматгадовых траў зараз праходзіць праверку на якасць у насеннай інспекцыі.

Завяршылі ачыстку насення і ў ААТ «Індустрыя-СГ», дзе дапрацавалі 298 тон зерня яравых збожжавых і зернебабовых, а таксама ў ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» — 291 тону насення. Адказна і своечасова выконваюць гэту работу і ў іншых гаспадарках: ААТ «Агра-Абярэг», «Зазерка», СГФ «Чырвоны май».

У інспекцыі якасць насення кантралююць па шасці паказчыках. Займаюцца гэтым аграном-аналітык Антаніна Сіпач і вядучы аграном Таццяна Кепець.

Акрамя насення, падрыхта-ванага ў гаспадарках, плануюць закупіць 250 тон элітных сартоў у такіх гаспадарках, як «Шыпяны» АСК Смалявіцкага раёна, агракамбінаце «Сноў» Нясвіжскага раёна, «Лучнікі» Слуцкага раёна.

— У гэтым годзе мы ўкладваемся ў тэрміны, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — Займацца ачысткай насення можна да мінус 15 градусаў. У памяшканнях да такой адзнакі тэмпература яшчэ не апускалася, таму работа па пад-рыхтоўцы насення пад будучы ўраджай працягваецца.

Мінулай вясной у сельскагаспадарчых арганізацыях скарысталіся страхавым фондам. З-за таго, што вясной азімыя збожжавыя вымаклі, дзе-нідзе давялося іх перасяваць. Напрыклад, у ААТ «Голацк» трыцікале імпартнай селекцыі перасявалі насеннем яравой пшаніцы са страхавога фонду. Спадзяёмся, што сёлетняе надвор’е будзе больш спрыяльным для зімоўкі збожжавых, азімага рапсу, і вясной не давядзецца несці дадатковыя затраты.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *