Уборачную кампанію ў СУП «Дукора Агра» пачалі са свята «Зажынкі»

Перад тым,  як выехаць на ўборку азімага ячменю, у СУП «Дукора Агра» вырашылі не парушаць прыгожую традыцыю і правесці свята першага снапа — «Зажынкі».

Дырэктар СУП «Дукора Агра» Максім Лапцёнак падзякаваў аграрыям за вырашчаны ўраджай і пажадаў усім удзельнікам уборачнай кампаніі сіл і цярпення. Жніво — перыяд цяжкі і вельмі адказны. Няхай не падвядзе тэхніка і дапаможа надвор’е.

Галоўны аграном Сяргей Ракуцька адзначыў, што цяпер усё залежыць ад прафесіяналізму камбайнераў.

Інжынер па тэхніцы бяспекі Валянціна Лукашонак,  звяртаючыся да камбайнераў,  нагадала аб тым,  як важна выконваць патрабаванні тэхнікі бяспекі.

Першы сноп пад абрадавыя песні зжалі ўдзельніцы народнай гумарыстычнай групы «Сяброўкі» Дукорскага сельскага Дома культуры.

Традыцыйны абрад даў старт уборачнай кампаніі ў гаспадарцы. Першымі на хлебную ніву выехалі Сяргей Піталенка і Дзмітрый Хвастоў. Напярэдадні ўборачнай яны атрымалі новыя камбайны.

Усяго ў гаспадарцы трэба ўбраць 2950 гектараў. У полі будуць працаваць  8 сваіх  камбайнаў і два — ААТ «Машхарчпрад». 8 аўтамашын  будуць адвозіць збожжа  на КЗС.

У добры шлях, хлебаробы!

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

Цікавыя факты пра «Зажынкі»

Да свята людзі рыхтаваліся грунтоўна: прыбіралі ў дамах і дварах, накрывалі стол белым абрусам, рыхтавалі святочныя пачастункі, аглядалі палі: ці паспеў колас, ці можна пачынаць жніво, праводзілі малебны ў цэрквах. Старэйшы ў сям’і запрашаў сваякоў да стала, за якім яны дамаўляліся аб сумеснай уборцы ўраджаю.

Самыя паважаныя жанчыны ў вёсцы зразалі дзве копы каласоў. Адну з якіх пакідалі ляжаць у полі, а другую неслі ў хату, дзе ўпрыгожвалі стужкамі, кветкамі і ставілі ў «чырвоны кут». З гэтай жа копы, прынесенай у хату, увосень пачыналі малацьбу, а саломай кармілі хворую скаціну. Збожжа першага снапа таксама лічылася гаючым для людзей і птушак.

Святкаванне «Зажынак» пачыналі рана, пакуль сонца не ўзышло, альбо ў прыцемку. Перад пачаткам жніва право-дзіўся абрад для абароны ўраджаю ад злых людзей — «закруткі»: адна з жанчын закручвала некалькі каласоў у вузел, а іншыя вадзілі карагоды і выконвалі рытуальныя песні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *