Установы адукацыі раёна праходзяць праверкі на гатоўнасць да новага навучальнага года

Там, дзе шмат часу праводзяць дзеці, няма першасных і другасных праблем, нязначных дробязей. Важна, каб да ідэалу набліжалася ўсё: і сцены, і мэбля, і спартыўныя і навучальныя пляцоўкі, і настрой дарослых, якія з дзецьмі працуюць. У гэтым я яшчэ раз пераканалася, калі давялося цэлы дзень правесці разам з членамі камісіі, якая правярала падрыхтоўку дзіцячых садкоў і школ да новага навучальнага года.

У склад камісіі разам са спецыялістамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ўвахо-дзяць прадстаўнікі самых розных службаў — эксперты ў пытаннях здароўя і бяспекі. Такі падыход дазваляе даць комплексную адзнаку ўсяму, што зроблена, заўважыць нават дробязі, на якія па тых ці іншых прычынах не звярнулі дагэтуль увагу.

У першы дзень работы камісіі, якую ўзначаліў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Сяргей Вінаград, у плане значыліся гарадскія дзіцячыя садкі № 2, № 4, установы адукацыі аграгарадкоў Блонь, Пухавічы, Турын, Ананічы.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызму Сяргей Вінаград і намеснік загадчыка Пухавіцкага дзіцячага сада Святлана Драздоўская.

У дзіцячым садку №2 горада Мар’іна Горка я вырашыла папрацаваць разам з урачом-гігіеністам цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццянай Баярскай. Першым пунктам у нашым маршруце стаў харчблок. Як нам паведамілі, у мінулым годзе тут адрамантавалі літаральна ўсё, і гэта было заўважна. У гэтым годзе ўсталявалі вентылятар, што, безумоўна, палепшыць умовы працы.

Наогул, па выніках праверкі глабальных заўваг у Таццяны Баярскай па гэтай дзіцячай установе не было. У прадстаў-нікоў іншых службаў таксама. Пашпарт гатоўнасці згадзіліся падпісаць усе.

У дзіцячым садку №4 горада Мар’іна Горка яшчэ пра-цягваўся рамонт. Сёлета тут ён маштабны: замянілі 44 акна, пафарбавалі лесвічныя пралёты, правялі іншыя работы… Як запэўніла загадчык Юлія Кітаева, мы бачылі апошнюю стадыю рамонтных работ, якая павінна была завяршыцца да канца тыдня.

Як выконваюцца санітарныя патрабаванні ва ўстановах адукацыі, правярала Таццяна Баярская.

У гэтай дзіцячай установе я стала партнёрам прадстаўніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Арсенія Войціка.

Першае, што ён папрасіў зрабіць, — паказаць, у якім стане знаходзяцца эвакуацыйныя выхады. Затым мы спусціліся ў падвальныя памяшканні. У адным з іх ляжалі кавалкі лінолеума, якіх там не павінна было быць: гаручы матэрыял. І не будзе, як толькі скончыцца рамонт, запэўнілі работнікі діцячага садка. Вогнетушыцелі, планы эвакуацыі, куткі бяспекі… На ўсё гэта звяртаў увагу інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях… Лінолеум у падвале аказаўся самай сур’ёзнай заўвагай па яго часцы. І ў іншых спецыялістаў яны былі нязначныя.

Выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі цікавілі Арсенія Войціка.

У Блонскай сярэдняй школе інспектар па ахове працы раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Юлія Шырокая разам з вядучым інжынерам упраўлення капітальнага будаўніцтва Пухавіцкага раёна Дзмітрыем Туміловічам сваю працу пачалі са знешняга агляду будынка. На адной з бакавых сцен іх увагу прыцягнула невялікая расколіна. У ходзе размовы дырэктар школы Наталля Матусевіч патлумачыла, што работнікі школы па парадзе спецыялістаў некаторы час назіралі за гэтай расколінай і могуць з упэўненасцю сцвярджаць, што яна не павялічваецца. Дзмітрый Туміловіч патлумачыў, што ў такім выпадку яна пагрозы не ўяўляе, і яе трэба проста замазаць. Далей спецыяліст агледзеў столь ва ўсіх памяшканнях апошняга паверха, каб высветліць, ці працякае дах. Прыглядаўся да сцен і вокнаў, асабліва ў месцах, дзе маглі быць падцёкі.

Старшыню раённага прафсаюза работнікаў навукі і адукацыі Таццяну Шавель цікавілі ўмовы працы, створаныя для работнікаў устаноў адукацыі. Я звярнула ўвагу на тое, як яна праверыла, ці працуе выцяжка на харчблоке ў Блонскім дзіцячым садку: проста паднесла да пэўнага месца ліст паперы. Выцяжка была ўключана, а ліст не варухнуўся. Праблемы былі відавочныя.

Старшыню раённага прафсаюза работнікаў навукі і адукацыі Таццяну Шавель цікавілі ўмовы працы

Усе ўстановы адукацыі, дзе пабывала камісія ў першы дзень сваёй работы, да новага навучальнага года рыхтаваліся сур’ёзна. Усюды зроблены рамонт: адноўлена падлога, прыемныя фарбы на сценах у вучэбных кабінетах, групах, калідорах… Падрыхтавана спартыўная база. Хочацца адзначыць, што многія школы захоўваюць свой прывабны выгляд і таму, што прывучаюць дзяцей беражліва ставіцца да таго, што было зроблена раней. Напрыклад, у Пухавіцкай сярэдняй школе мяне запрасілі наведаць кабінет хіміі, які ў мінулым навучальным годзе атрымаў новае абсталяванне. Кабінет выглядае так, быццам там не толькі новую мэблю паставілі, але і рамонт зрабілі вось зараз. І я вельмі здзівілася, калі мне патлумачылі, што сцены пафарбавалі каля дзесяці гадоў таму.

Традыцыйныя праверкі гатоўнасці запланаваны з 2 па 10 жніўня. Усе работы ва ўстановах адукацыі павінны завяршыцца да 15 жніўня. Ёсць час ліквідаваць выяўленыя камісіяй недахопы і максімальна выканаць існуючыя патрабаванні.

Ірына Салавей, кіраўнік Пухавіцкага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый:

— У гэтым годзе на рамонт устаноў адукацыі з раённага бюджэту выдзелена 1 мільён 300 тысяч рублёў, з абласнога — 650 тысяч рублёў. Акрамя таго, дадаткова на капітальны рамонт даху ў сярэдняй школе №3 горада Мар’іна Горка выдзелена 340 тысяч рублёў з раённага бюджэту і 60 тысяч рублёў з абласнога.

Дзякуючы значнаму фінансаванню, за летні перыяд ва ўсіх установах адукацыі быў зроблены каласальны аб’ём рамонтных работ. Напрыклад, у дзіцячых садках і школах Мар’інай Горкі заменены вокны. Шмат дзе адрамантаваны дахі, фасады. Зроблены рамонт у медыцынскіх кабінетах.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *