“Вучань года Мінскай вобласці-2023”. Сярод узнагароджаных ёсць пухавіччане

Навагодняя дабрачынная рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» завершана. Яе выніковым мерапрыемствам стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці — 2023», якое прайшло ў Маладзечне і стала падарункам для лепшых школьнікаў.

вучань СШ №4 г. Мар’іна Горка Максім Магеррамаў з настаўніцай

У палацы культуры Маладзечна сабраліся школьнікі з усіх куткоў Мінскай вобласці. Гэта вучні, якія сталі пераможцамі адборачнага этапу ў раёнах і ўдзельнікамі абласнога этапу конкурсу “Вучань года Міншчыны”. 127 навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў прадставілі свае дасягненні ў  намінацыях “Вучэбная дзейнасць”, “Спартыўная дзейнасць”, “Грамадская дзейнасць”, “Працоўная дзейнасць”, “Творчая дзейнасць”, “Праектная дзейнасць” і “Ваенна-патрыятычная дзейнасць”.

У гэтым годзе пераможцамі раённага этапу і ўдзельнікамі абласнога сталі Захар Хвастоў (Мар’інагорская гімназія, намінацыя “Творчая дзейнасць”), Дар’я Андрэюк (СШ №3 г. Мар’іна Горка, намінацыя “Ваенна-патрыятычная дзейнасць”), Валерыя Шахматава (СШ №4 г. Мар’іна Горка, намінацыя “Праектная дзейнасць”), Максім Магеррамаў (СШ №4 г. Мар’іна Горка, намінацыя “Спартыўная дзейнасць”) і Паліна Маліноўская (Дубраўская СШ, намінацыя “Грамадская дзейнасць”).

Званне “Вучань года Мінскай вобласці-2023” атрымаў 21 вучань з устаноў адукацыі цэнтральнага рэгіёна. Узнагароды ва ўрачыстай абстаноўцы ім  уручыў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч. Кожны з пераможцаў узнагароджаны дыпломам, падарункавым выданнем ”99 знакамітых месцаў Беларусі”, салодкім падарункам, памятнымі сувенірамі і сімвалам конкурсу. Лісты з падзякамі былі ўручаны і бацькам школьнікаў.

Сярод узнагароджаных ёсць пухавіччане: вучань СШ №4 г. Мар’іна Горка Максім Магеррамаў стаў пераможцам у намінацыі “Спартыўная дзейнасць”, а Паліна Маліноўская, вучаніца ДУА “Дубраўская сярэдняя школа”, стала ўладальніцай спецыяльнай узнагароды конкурсу “Пераможца інтэрнэт-галасавання”.

Паліна Маліноўская, вучаніца ДУА “Дубраўская сярэдняя школа”

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай  Башко  адзначыў вялікі ўклад педагогаў у падрыхтоўку школьнікаў да розных конкурсаў і алімпіяд і  ўручыў настаўнікам  падзячныя лісты.

Дыпломы і сертыфікаты для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы  ўстаноў адукацыі ўручаны кіраўнікам лепшых школ Мінскай вобласці.

І для ўсіх гасцей мерапрыемства быў зроблены адзін агульны падарунак — чароўная навагодняя казка “Новая перазагрузка, або  Хто ўкраў сны?”.

Захар Хвастоў, вучань Мар’інагорскай гімназіі:

  — Было цікава ўдзельнічаць у гэтым праекце. Безумоўна, кожнаму хацелася апынуцца ў ліку пераможцаў. Але і сам удзел у конкурсе, я думаю, прынёс усім пазітыўныя эмоцыі. Запомніцца святочнае навагодняе прадстаўленне: у Палацы культуры Маладзечна арганізацыя была на вышэйшым узроўні. Вельмі спадабалася ўсім і навагодняя казка. Шкада толькі, што святы заканчваюцца…

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *