Вяртанне да гістарычных вытокаў

Герб Касцюшкаў

Дзякуючы архіўным дакументам, карпатлівым пошукам навукоўцаў і краязнаўцаў, сёння мы можам рабіць высновы пра часы, якія прайшлі, але не зніклі, а чакаюць, каб іх зноў “прачыталі” нанова — і загаварыла мінулае. 4 лютага традыцыйна святкуецца чарговая гадавіна славутага сына беларускай зямлі Тадэвуша Касцюшкі. Паспрабуем зазірнуць у вытокі роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, які падараваў свету таленавітую асобу.

Тадэвуш Касцюшка

Гэты старадаўні беларускі шляхецкі род здавён выклікаў цікавасць у даследчыкаў. Карані роду з глыбокай старажытнасці прарасталі на берасцейскай зямлі, уладарылі землямі паміж Камянцом, Брэстам і Кобрынам. Прашчуры Касцюшкаў-Сяхновіцкіх у пакаленнях перадавалі даўнія дакументы і спадчынныя традыцыі, заўсёды былі адданыя сваёй зямлі. Таму асоба Тадэвуша Касцюшкі, яго маральныя чалавечыя якасці, усведамленне свету, нацыянальна-патрыятычная свядомасць, шматлікія таленты і закладваліся менавіта ў сям’і.
Найпершыя, вельмі нешматлікія, на жаль, дакументы, што сведчаць пра славуты род, захаваліся ў кнігах Літоўскай Метрыкі з пачатку ХVI стагоддзя. Стваральнікам генеалагічнага дрэва роду Касцюшкаў, прыблізна ў 1695 годзе, стаў надзвычай адукаваны прадзед Тадэвуша Касцюшкі Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі. Наступнае генеалагічнае дрэва Касцюшкаў было напісана на пергаменце ў другой палове ХVIII стагоддзя. На вялікі жаль, абодва гэтыя каштоўныя дакументы страчаны ў часы Другой сусветнай вайны – згарэлі ў Варшаве ў час акупацыі.

Касцюшка ў Салюры

Першай фундаментальнай манаграфіяй у касцюшказнаўстве стала біяграфія генерала “Касцюшка. Біяграфія, складзеная па дакументах”, напісаная нараджэнцам Мінска гісторыкам і публіцыстам Тадэвушам Корзанам. Кніга выйшла ў друк у 1894 годзе. Аснову выдання склалі дакументы з уласных архіваў нашчадкаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Большасць папер пазней была незваротна страчана ў часы Другой сусветнай вайны.

Пачынальнікі роду Касцюшкаў, вядомыя яго прадстаўнікі
Пачаткі роду губляюцца ў глыбінях стагоддзяў. Яго заснавальнікам стаў баярын Касцюшка Фёдаравіч, ад імя якога пазней утварылася сямейнае прозвішча.
Вясной 1509 года кароль польскі і Вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары, які правіў у 1506–1548 гадах, выдаў прывілей Касцюшку, якому падараваў вёску Сяхновічы і шляхецкі герб “Рох-ІІІ” – спадчынны знак, дзякуючы якому яго ўладальнікі адрозніваліся ад іншых родаў. Да Сяхновіч (сёння яны знаходзяцца ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці) Жыгімонт дадаў ворныя землі, пашу і лясы, якія месціліся побач з вёскай.
Часткі родавага прозвішча – Касцюшкі-Сяхновіцкія – спалучылі імя заснавальніка роду і назву сямейнага гнязда – аснову зямельных надзелаў роду.
Тадэвуш Корзан таксама паведамляў, што Касцюшка меў выгодны шлюб з князёўнай Ганнай Гальшанскай і такім чынам парадніўся з князямі Гальшанскімі герба “Гіпацэнтаўр”, якія стаялі ля вытокаў Вялікага Княства Літоўскага і радніліся нават з каралём польскім Уладзіславам ІІ (Ягайлам), Вялікім князем літоўскім Вітаўтам, князямі Сямёнам Кобрынскім, Баляславам Мазавецкім, Іліей Малдаўскім.
Памяць пра гэтыя падзеі захавалася і ў гістарычных крыніцах, і ў народных паданнях да нашых дзён. Легенда, якую пераказаў пісьменнік Анатоль Бензярук, так распавядае пра той дзень: “Быў 1509 год ад Божага Нараджэння. Ехаў у вёску новы гаспадар. Конь добры, шабля вострая, чорны каптан на плячах, шапка, лісам падбітая, на галаве. Строгі пан Касцюшка Фёдаравіч. Ён вялікаму князю Жыгімонту пісарам служыць. Давярае яму гаспадар вялікія дзяржаўныя сакрэты, за выдатную службу і ўзнагароду даў. Атрымаў Касцюшка грамату на новую вёску непадалёку ад Берасця”.

Касцюшка Фёдаравіч меў 2 сыноў і 12 дачок. Нашчадкамі сяхновіцкіх абшараў сталі сыны Іван (1530? – 1571) і Фёдар (каля 1540? – 1622), якім дасталіся ў спадчыну пяць вёсак і чатыры маёнткі. Пасля бацькавай смерці 26 лістапада 1561 года паміж братамі адбыўся падзел спадчыны, утварылі дзве галіны роду.
На працягу стагоддзяў Сяхновічы дзеляцца на Вялікія і Малыя. Тая частка, якая дасталася Івану, стала называцца Іванаўшчынай, тая, якую атрымаў Фёдар, – Фёдараўшчынай. Ад Івана пайшлі Касцюшкі-Іванавічы (старэйшая галіна сям’і). Фёдар, у сваю чаргу, заснаваў Касцюшкаў-Фёдаравічаў (малодшую галіну).
Вядома, што старэйшая галіна Касцюшкаў даіснавала да ХХ стагоддзя. Яе шляхецтва было пацверджана ў 1852 годзе Сенатам Расійскай імперыі і ўнесена ў “Першую кнігу дваранства Гродзенскай губерні”.
Пералічым найбольш вядомых прадстаўнікоў роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Іван быў зборшчыкам падаткаў. Яго жонкай стала Ганна Фурсава. Гэты шлюб стаў повяззю з вядомым палеска-валынскім родам Дастаеўскіх, які даў свету ў ХІХ стагоддзі вялікага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага. Памёр Іван Касцюшка ў 1571 годзе, пакінуўшы дзвюх дачок і трох сыноў. Адзін з іх паклаў пачатак старэйшай лініі сям’і.
Фёдар, малодшы брат Івана, быў двойчы жанаты. Спачатку ён парадніўся з Куравіцкімі, ад другой жонкі Тамілы Сасноўскай Фёдар меў сыноў Рыгора, Яраша і Мікалая.
Рыгор (? – да 1618?) ажаніўся з Гальшкай Мальчэўскай і меў сына Яна і дачку Зоф’ю, якая пабралася шлюбам з Муралеўскім. У першай палове ХVII стагоддзя Рыгоравы нашчадкі хутка апалячыліся. Ужо яго дзеці карысталіся польскай мовай у пабытовых зносінах і ў пісьмовай форме. Верагодна, у гэты час яны адмовіліся ад грэка-каталіцкай канфесіі і перайшлі ў каталіцызм. Як заўважаў у сваіх працах даследчык Анатоль Бензярук, Касцюшкі ганарыліся сваёю шляхетнасцю і даўніной паходжання. Вядома, што ў гады жудаснага “Патопу” – крывавай 30-цігадовай вайны ХVІІ стагоддзя – Юрый Касцюшка-Сяхновіцкі быў сярод апалчэння, якое выпраўлялася на вызваленне Брэсцкай вобласці, захопленай непрыяцелем.
Асобна звернем увагу на непасрэдных продкаў Тадэвуша Касцюшкі.
Ян (1600 – 1647/1648), ПРАПРАДЗЕД.
Ён стаў першым паўнапраўным гаспадаром у Малых Сяхновічах. Ад нараджэння Ян быў праваслаўным ці ўніятам. Пры ім збудавана сямейная капліца-пахавальня, дзе амаль 150 гадоў хавалі Касцюшкаў. Першая яго жонка Канстанцыя Ажэшка трымалася каталіцтва. Ад гэтага шлюбу мелася дачка Ганна Зузанна і сыны Стэфан і Аляксандр Ян. Вядома, што ўжо ў сталым узросце Ян Касцюшка-Сяхновіцкі перайшоў у пратэстанства, магчыма, на такі выбар паўплывала другая яго жонка-арыянка Зузанна Ракоўская, якая падаравала мужу сына Андрэя.

Аляксандр Ян (29.12. 1629– 1711?), ПРАДЗЕД.
З сярэдзіны ХVII стагоддзя Аляксандр Ян моцна трымаў у руках Малыя Сяхновічы. Ён уласнаручна склаў кароткую “Аўтабіяграфію”, дзе выклаў гісторыю сваёй сям’і. Аляксандр Ян нарадзіўся напрыканцы 1629 года. Гэта быў адначасова дзень радасці і смутку ў доме яго бацькі Яна Касцюшкі. Ягоная жонка Канстанцыя не акрыяла ад родавай гарачкі і трэцяга дня (1 студзеня 1630 года) сышла ў магілу. Шмат гадоў адчуванне нейкай віны і болю не пакідала Аляксандра Яна, які пісаў: “Матуля, дабрадзейка мая, цэлы свет мне падаравала, а сама Богу душу аддала… Дай ёй, Божа, вечнага збаўлення!”
20 лютага 1661 года сяхновіцкі ўладар ажаніўся на Тарэзе Дзенісовіч. Гэты шлюб з’яднаў Касцюшкаў з вяльможнымі Сапегамі. Аляксандр Ян вызначаўся энергічнасцю і беражлівасцю, з года ў год павялічваў свае даходы, укладваў іх у землі і маёмасць. Слушна тое, што ён набыў, сярод іншага, панскі дом з зямлёю і гаспадарчымі пабудовамі ў Брэст-Літоўску.
У 1705 годзе з сямі сыноў Аляксандра Яна на спадчынных надзелах застаўся толькі Амброжый. У 1707 годзе стары гаспадар склаў запавет і настойліва патрабаваў зберагчы маёнтак непадзельным. Адзіным гаспадаром Сяхновічаў бацька прызначыў Амброжыя. Той павінен быў папярэдне выплаціць братам іх долю ад спадчыны (3000 тынфаў). Для сваёй малодшай незамужняй дачкі Уршулі Аляксандр Ян прызначыў пасаг у 2500 тынфаў, пярліны, ацэненыя ў 450 тынфаў і дом у Брэсце па вуліцы Кавальскай.
У апошнія гады жыцця Аляксандр Ян паклапаціўся пра адбудову каталіцкай капліцы ў Малых Сяхновічах. На яе карысць 82-гадовы гаспадар 14 красавіка 1711 года склаў апошні свой тэстамент: выдаткаваў 1000 тынфаў на малебны за душы памерлых продкаў і іх спадкаемцаў. Іх павінны былі атрымаць бернардзінцы з суседняй вёскі Алізараў Стаў. Старога пахавалі ў сямейным магільным склепе, побач з маці і бацькам, каля тых, каго ён кахаў і шанаваў пры жыцці.
Амброжый Казімір Касцюшка (1667 – каля 1722?), ДЗЕД.
Падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. У 1711–1715 гадах берасцейская шляхта абірала Амброжыя старшынёй (маршалкам) ваяводскіх соймікаў. Адначасова (з 1714 г.) ён стаў берасцейскім гродскім (гарадскім) суддзёй. Амброжый не меў бацькавых здольнасцей да вядзення гаспадаркі, пры ім наступіў заняпад Сяхновіч. Аднак ён быў здатны да грамадскіх спраў. Вяршыняй кар’еры Амброжыя Казіміра стала пажыццёвая пасада земскага пісара. Гэты Касцюшка ўсё жыццё вызначаўся надзвычай ганарлівым характарам. У асяродку шляхты ён быў вядомы як адданы прыхільнік Сапегаў, энергічна адстойваў іх інтарэсы на сойміках. Аднойчы нават зрабіў замах на магната Людвіка Пацея, калі палічыў словы таго за ўласную абразу.
А вось жонка Амброжыя Барбара з роду Глеўскіх уяўляла сабою прыклад жаночай прыгажосці і памяркоўнасці. Сяхновіцкі гаспадар меў ад Барбары Глеўскай пяцёра дзяцей (трэці іх сын Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі, бацька Тадэвуша Касцюшкі).
Барбара (каля 1670? – пасля 1753?), БАБУЛЯ.

Барбара Касцюшка

Паходзіла з вядомага роду Глеўскіх. Пасля смерці першага мужа ў 1723 годзе яна выйшла замуж паўторна за Марціна Касцюшку. Вядома, што Людвіка Тадэвуша, сына ад першага шлюбу, яна наведвала і цешылася ўнукамі. Ёсць звесткі, што сыну падаравала 18 тысяч злотых, ведаючы, што той клапоціцца аб вяртанні спадчыннай гаспадаркі.
Людвік Тадэвуш (каля 1700?-1758), БАЦЬКА.
Мечнік берасцейскі, ганаровы палкоўнік булавы польнай Вялікага Княства Літоўскага. Людвік цудоўна маляваў, добра пісаў і быў эстэтычна выхаваным чалавекам.
Атрымаў ад бацькі спадчынныя Сяхновічы, абцяжараныя даўгамі. Гаспадарка заняпала і амаль не прыносіла прыбытку, дваровыя пабудовы патрабавалі неадкладнага рамонту. У гэтых абставінах новы сяхновіцкі ўладар быў вымушаны 18 сакавіка 1729 года прадаць за 23 тысячы злотых Малыя Сяхновічы, Сцяпанкі, Навасёлкі і Канатопы дзядзьку Фаўстыну Бенядзікту Касцюшку.
Людвік паставіў перад сабою высакародную мэту: выкупіць спадчыну, таму збіраў сродкі, арандуючы фальваркі. У 1733 годзе (па іншых дадзеных у студзені 1748-га) Касцюшка набыў на падставе застаўнога права ад вяльможных Сапегаў фальварка Мерачоўшчына. Людвік энергічна заняўся фальварачнымі справамі ў рашучым жаданні ўзняць гаспадарку чымсьці быў падобны на дзеда Аляксандра Яна, руплівага гаспадара.
Прыкладна ў сярэдзіне 1739 г. ці на пачатку 1740 г. Людвік Касцюшка, як яго жартаўліва называлі тады “стары халасцяк”, ажаніўся з Тэкляй з роду Ратомскіх.
У 1755 годзе Людвік выкупляе Сяхновічы ў свайго стрыечнага брата Яна Непамуцэна, а праз год бярэ ў арэнду Здзітаў, які месціцца недалёка ад Сяхновічаў.
Людвік заўчасна памёр у красавіку 1758 года. Яго адпявалі ксяндзы-кармеліты з Крупчыцаў, слонімскія бернардзінцы, уніяцкія святары са Здзітава і Вежак, праваслаўныя братчыкі з Кобрына. Усё наваколле да Брэста пры пахаванні Людвіка Касцюшкі было напоўнена развітальным гучаннем званоў хрысціянскіх храмаў. Астанкі яго знайшлі свой супакой у родавай Сяхновіцкай капліцы, побач з продкамі.
Тэкля (каля 1715? – 1768), МАЦІ.
Яна паходзіла з беларускага праваслаўна-уніяцкага роду Ратомскіх. Яе дзед у ХVІІ стагоддзі набыў фальварак Крычын на беразе Бярэзіны. Бацькі Тэклі – Фларыян Казімір Ратомскі і Брыгіта з роду Рамановічаў (яна памерла ад родавай гарачкі). Другой жонкай Фларыяна стала Ружа Карыбская. Фларыян быў слабы на здароўе і пражыў кароткі век. У якасці пасагу дачка атрымала спадчынны маёнтак Дразы Барысаўскага павета.
З Людвікам Касцюшкам адносіны ў шлюбе былі цёплымі, іх дзеці бачылі паміж бацькамі прыхільнасць і згоду. Большасць даследчыкаў сцвярджае, што ўсе дзеці Людвіка і Тэклі Касцюшкаў нарадзіліся ў Мерачоўшчыне. Некаторыя выказваюць меркаванне, што Тадэвуш Касцюшка мог нарадзіцца ў Сяхновічах.
Тэкля пасля смерці мужа выкупіла спадчыннае гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, паклапацілася аб добрым замужжы дачок і адукацыі сыноў. Яна памерла ў 1768 годзе. Тадэвуш Касцюшка вельмі позна атрымаў вестку аб смерці маці, таму не змог прыехаць з Варшавы на яе пахаванне.
Ганна Барбара Крысціна (1741 – 1814), СЯСТРА.
Выйшла замуж восенню 1762 года за стольніка смаленскага Пятра Антонія Эстку (1729–1787). Паміж Эсткамі была даволі значная розніца ва ўзросце, але гэта зусім не перашкаджала цёплым і добразычлівым адносінам, што склаліся ў іх сям’і. Яны пасяліліся ў Даўгаліску недалёка ад Сяхновічаў. У Ганны былі вельмі цёплыя адносіны з Тадэвушам, яны шмат ліставаліся. Па прыезду Касцюшкі з Амерыкі, Эсткі вярнулі яму маёнтак Сяхновічы, у якім генерал жыў паміж 1784 і 1790 гадамі. Пазней Тадэвуш адпісаў спадчынны маёнтак нашчадкам Ганны з умовай вызвалення сялян ад прыгону і выхавання ў яе дзяцей і ўнукаў справядлівасці, павагі і гонару.
Вясною 1787 года Тадэвуш даслаў сястры свае глыбокія спачуванні з нагоды заўчаснай смерці яе мужа Пятра Эсткі. Шваграву смерць Тадэвуш Касцюшка вельмі блізка і чуйна прыняў да свайго сэрца. Звесткі пра смерць у 1812 і 1813 гадах любімых сыноў Тадэвуша і Сыкстуса канчаткова пахіснула здароўе іх маці. Ганна Эстка памерла 6 лютага 1814 года. Яе нашчадкі жывуць і сёння. У 1817 годзе перад сваёй смерцю Тадэвуш Касцюшка пацвердзіў правы нашчадкаў любімай сястры на Сяхновічы.
Юзаф Томаш (1743 – 1789), БРАТ.
Як старэйшы сын Людвіка і Тэклі Касцюшкаў, Юзаф быў спадкаемцам родавых Сяхновічаў. Ён валодаў характарам тыповага павятовага шляхціца, актыўна ўдзельнічаў у сойміках, далучыўся да Барскай канфедэрацыі. Юзаф Касцюшка атрымаў тытул берасцейскага абознага. Спадчынную маёмасць прывёў у даўгі, уступаў з малодшым братам у фінансавыя канфлікты.
Кацярына (1744 – каля 1789?), СЯСТРА.
У 1763 годзе яна стала жонкай ваўкавыскага харунжага Караля Жулкоўскага. Родавае гняздо сям’і – фальварак Жулкаўшчызна месцілася ва ўрочышчы Бабій Грудок паўночней Малых Сяхновічаў.
Калі адносіны Тадэвуша Касцюшкі з Эсткамі складваліся надзвычай прыхільна, дык стасункі з Жулкоўскімі, наадварот, азмрочваліся судовымі канфліктамі. Караль Жулкоўскі быў адным з крэдытораў генерала (даўгі пазней сплаціў Пётр Эстка). Тадэвуш, які ахвотна падтрымліваў сувязь з Ганнаю, быў, здаецца, зусім абыякавым да лёсу Кацярыны. Дакладная дата смерці ўласніцы Жулкаўшчызны невядома. Тадэвуш Корзан лічыў, што гэта адбылося каля 1789 года. Жанчыну пахавалі на Спораўскіх могілках, яе муж памёр праз пару гадоў.
Андрэй Тадэвуш Банавентура (1746 – 1817).
Адзін з самых вядомых герояў свету, яго постаць узнялася да рангу сімвалу свабоды, патрыятызму і дэмакратыі. Даследчыкі падкрэсліваюць бязмежную любоў Касцюшкі да волі і Радзімы, яго высакародны і нязломны характар. Ад бацькі генералу перадаліся энергія, моцная воля і смеласць, ад маці – чуллівасць, сардэчнасць і дабрыня.
У лісце да сястры Ганны наконт лёсу Сяхновічаў Тадэвуш пісаў: “Заўсёды трэба памятаць: па закону прыроды мы ўсе роўныя, а адметнасці ўтвараюцца толькі асабістымі заслугамі, багаццем і вучонасцю, таму мы абавязаны праяўляць клопат пра бедных і займацца адукацыяй непісьменных, каб прывіць ім добрыя звычаі”.
Толькі вялікі гуманіст і патрыёт мог скласці такі запавет.
За свой век ён шмат чаго пабачыў, удзельнічаў у бітвах, быў знаёмы з самымі выдатнымі людзьмі свайго часу. Касцюшка развітаўся з Радзімай увосень 1794 года. Але яго духоўная прысутнасць на Айчыне не знікла і адчуваецца па сённяшні дзень. Ён быў чалавекам сучасным для сваёй эпохі, сучасны ён і сённяшняму дню. Яго памятаюць на Радзіме як выбітнага сына, у Амерыцы і Польшчы як нацыянальнага героя, у Францыі як ганаровага грамадзяніна.
Спадкаемцамі Касцюшкі “па кудзелі” сталі сыны Ганны Эсткі: Станіслаў Тэадор (1763 – 1820), Тадэвуш (1770 – 1812), названы ў гонар славутага дзядзькі, і Сыкстус (1776 – 1813), які стаў напалеонаўскім генералам.
Усе дзеці Пятра і Ганны Эсткаў абралі для сябе ваенную кар’еру. Станіслаў Эстка пабраўся шлюбам з Тэкляй Асецкай, з якой меў сына Ігнація. Касцюшка пра пляменніка Тадэвуша пісаў: “любіць пачцівасць і з’яўляецца чалавекам гонару”. Малодшы Сыкстус зрабіў бліскучую ваенную кар’еру. У час сваёй іспанскай эпапеі Сыкстус пабраўся шлюбам з Вікторыяй Ла Фігуэрай.
Засталіся Тадэвушавы спадкаемцы і з боку другой сястры Кацярыны Жулкоўскай: Юзаф, Яна, Ігнацій, Караліна, Брыгіта, Ганна, Хелена.
Магчыма, дзесьці і цяпер жывуць нашчадкі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх па мужчынскай лініі. Польская даследчыца Барбара Ваховіч адзначала, што “атрымала шмат лістоў ад “нашчадкаў” Касцюшкі і нават ад ягонага брата Юзафа (нежанатага, бяздзетнага)”. Праходзяць стагоддзі, а час ад часу ў Польшчы і Украіне, Беларусі і ЗША ўзнікаюць асобы, якія спрабуюць “парадніцца” з Героем Двух Кантынентаў.
Касцюшкі-Сяхновіцкія змагаліся на палях бітваў, якіх хапала ў нашай гісторыі, і невядома ніводнага выпадку, калі б яны здрадзілі ці перайшлі на бок ворага. Яны вызначаліся мастацкімі талентамі, будавалі храмы, хвяравалі, клапаціліся пра сваіх падданых.
Мінулае любой сям’і мае сапраўдную каштоўнасць. Занатаваная ў сямейных дакументах і паданнях, яно становіцца найкарыснейшай крыніцай выхавання.

СУШКО Наталля,
навуковы супрацоўнік
мемарыяльнага музея-сядзібы імя Тадэвуша Касцюшкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *