Як прайшоў раённы фальклорны фестываль «Фольк-фэст»

Раённы фальклорны фестываль «Фольк-фэст» прайшоў у Дукорскім сельскім Доме культуры.

Фальклор — неад’емная частка нацыянальнай культуры беларусаў. Менавіта дзякуючы фальклору мы маем магчымасць захоўваць сваю этнічную ўнікальнасць, шанаваць памяць продкаў і праносіць праз час свае нацыянальныя традыцыі.

У раённым фальклорным фестывалі «Фольк-фэст» прынялі ўдзел танцавальны калектыў гісторыка-бытавых танцаў «Гарэзы» Пухавіцкага сельскага Дома культуры, народны фальклорны калектыў «Зарачанка» Блонскага сельскага Дома культуры, дзіцячы фальклорны калектыў «Крокі-скокі» і народны гумарыстычны ансамбль «Сяброўкі» Дукорскага сельскага Дома культуры, народны хор «Жытніца» Зазерскага сельскага Дома культуры. У прамежках паміж выступленнямі ўдзельнікаў конкурснай праграмы для гледачоў выступаў ансамбль «Танцавальны серпантын» з Мінска.

Паводле слоў галоўнага арганізатара мерапрыемства, кіраўніка народнага гумарыстычнага калектыву «Сяброўкі» і дзіцячага фальклорнага калектыву «Крокі-скокі» Алены Петрусенка, захаванне і развіццё культурнай спадчыны з’яўляецца святым абавязкам для кожнага работніка культуры. Каб народная творчасць працягвала жыць, трэба як мага часцей праводзіць такія мерапрыемствы, таму што падчас іх выяўляюцца яркія і самабытныя таленты ў галіне народнай творчасці, адбываецца абмен вопытам паміж калектывамі і іх кіраўнікамі, а ў гледачоў і ўдзельнікаў фарміруецца эстэтычны густ.

— Мы вельмі ўдзячныя ўсім удзельнікам фестывалю і спадзяёмся, што наш фестываль будзе расці з кожным годам. І цікавасць у калег і ўдзельнікаў таксама будзе ўзрастаць. Таму што фальклор — гэта казка, якую трэба спазнаць, палюбіць усім сэрцам і душой, — адзначыла Алена Петрусенка. — Па выніках фестывалю можна з упэўненасцю сказаць, што нашы дзеці не абыякавыя да нашых традыцый: гэта ў іх у крыві. Трэба толькі зацікавіць і накіраваць іх да гэтага багацця.

Выступленні калектываў складаліся з танцаў на выбар («Ой-ра», «Багач», «Карапет», «Пухавіцкая субота», «Лявоніха», «Лысы», «Падыспань», «Кракавяк», «Мікіта»), прыпевак і фальклорных песень.

Галоўнымі крытэрыямі адбору былі самабытнасць, выканальніцкае майстэрства, новыя падыходы да традыцыйнай творчасці, мастацкая каштоўнасць рэпертуару, характэрныя рэгіянальныя асаблівасці нумароў.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста аддзела інфармацыйна-ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай работы Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Алены Мазанік, фальклорны фестываль — гэта заўсёды свята яркіх і самабытных талентаў, народнай творчасці, традыцыйнай культуры. І яно атрымалася!

— Вядома, хацелася б убачыць большую колькасць удзельнікаў на сцэне і яшчэ большую разнастайнасць жанраў, — адзначыла Алена Мазанік. — Тым не менш, усе прадстаўленыя калектывы здолелі паказаць сваё выканальніцкае майстэрства, унікальнасць і любоў да фальк-лору.

Асабіста мяне вельмі парадаваў калектыў Блонскага сельскага Дома культуры «Зарачанка», які з прыходам моладзі набыў новыя фарбы. Яго выступленне было цікавым і захапляльным з першага выхаду і да фіналу. Думаю, крыху папрацаваўшы, у яго ёсць усе шанцы прадстаўляць родную Пухавіччыну на абласным узроўні.

Хачу сказаць словы падзякі Алене Петрусенка за яе шматгадовую вернасць сваёй справе. Гэта чалавек, які захоўвае і перадае свой бясцэнны вопыт і любоў да традыцыйнай беларускай культуры падрастаючаму пакаленню. А мяркуючы па тым, што на сцэне было шмат дзіцячых калектываў, у мяне ёсць упэўненасць, што фестываль патрэбны і выконвае свае мэты і задачы па папулярызацыі народнай творчасці, выхаванні любові да нашай краіны і яе традыцый.

Першае месца заняў народны фальк-лорны калектыў «Зарачанка», другое — народны хор «Жытніца» і дзіцячы фальклорны калектыў «Крокі-скокі», а на трэцім месцы — народны гумарыстычны калектыў «Сяброўкі».

У сучасным грамадстве многае змянілася. Мінуў той час, калі ўсе без выключэння рэгулярна наведвалі царкву, абедалі ўсёй сям’ёй за адным сталом, жанчыны насілі хусткі, а маладыя не мелі ніякіх блізкіх сувязяў да вяселля. Аднак захоўваць традыцыі ўсё роўна трэба абавязкова, таму што менавіта яны дазваляюць не забываць тое, хто мы  і адкуль нашы карані.

 

Станіслаў  БЕЛАВУСАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *