З набалелым да дэпутата — Алена Пархімчык правяла асабісты прыём грамадзян

З набалелым грамадзяне заўсёды звяртаюцца да кіраўнікоў раёна і дэпутатаў. Нехта ўпершыню прыходзіць агучыць праблему, нават не спрабуючы яе вырашыць да гэтага з кампетэнтнымі арганізацыямі. Нехта ўжо спрабаваў вырашыць, але не здарылася па нейкіх прычынах.

Такая сітуацыя склалася ў жыхаркі аграгарадка Пухавічы, якая пражывае на вуліцы Юбілейная і прыйшла на асабісты прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Пархімчык. Ужо год пухавіччанка вядзе перапіску з рознымі інстанцыямі наконт таго, што з цэнтральнай вуліцы аграгарадка праз яе агарод сыходзіць вада пасля дажджоў. Дэпутацкі запыт будзе, вядома, накіраваны ў адпаведныя службы. Але ці будзе ён такім жа «эфектыўным», як папярэднія спробы вырашыць праблему?

Магчыма, яна з тых, якія вырашыць практычна нерэальна? Як, напрыклад, агучанае падчас сустрэчы дэпутата з работнікамі Мар’інагорскай ЦРБ пажаданне задумацца над тым, каб у раёне было арганізавана нешта накшталт камбіната харчавання, дзе рыхтавалася б цэнтралізавана ежа для бальніц і ўстаноў адукацыі, як гэта адбываецца ў сталіцы. На першы погляд, ідэя нядрэнная, але хто возьмецца за яе рэалізацыю?

На сустрэчы з медработнікамі агучылі і больш актуальныя пытанні. У першую чаргу, гаварылі аб неабходнасці будаўніцтва арэнднага дома для работнікаў сацыяльнай сферы. Ён сапраўды патрэбен, бо дэфіцыт кадраў у гэтай сферы з кожным годам адчуваецца ўсё вастрэй.

Гаварылі пра традыцыйныя пытанні добраўпарадкавання: пакос травы і баршчэўніка ў пасёлку Мар’іна, абразанне дрэў на вуліцы Ленінская ў горадзе Мар‘іна Горка (высокія пешаходы месцамі вымушаны нахіляцца), пра асвятленне Ленінскай у вячэрні і начны час, пра недахоп аўтобусных маршрутаў з Мінска ў Мар’іну Горку ў вячэрні час па выхадных, пра якасць вады ў Новай Зары, паляпшэнне якой чакаюць з мінулага года, калі былі пабудаваны лакальныя станцыі абезжалезвання вады, і іншыя пытанні. Іх было шмат. Але на некаторыя дэпутат проста не можа і не павінен адказваць: яны настолькі асабістыя, што ўмяшанне старонніх людзей не проста недарэчна, але і бессэнсоўна. Аднак на кожным прыёме, на кожнай сустрэчы такія пытанні ўзнікаюць. Чаму? Бо бывае так, што рэальна набалела. І ўсё ж нешта можна вырашыць і самастойна…

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *